Сёння ў Страсбургу адбылася спецыяльная пленарная сесія Еўрапарламента, прысвечаная Міжнароднаму дню жанчын, на якой выступілі і прадстаўнікі Беларусі.
Сярод запрошаных выступоўцаў – лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская і беларуская актывістка, былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, а таксама прадстаўніцы Украіны – журналістка Ленія Умерава і валанцёрка Тата Кеплер.
Паліна Шарэнда-Панасюк, выступаючы з прамовай перад каля 700 парламентарыямі, заклікала да ўвядзення жорсткіх санкцый у адносінах беларускага рэжыму.
- Супраць рэжыму Лукашэнкі мусяць быць уведзеныя поўная блакада і гандлёвае эмбарга. Праз канцлагер пад назвай Беларусь не павінна быць ніякага транзіту тавараў, якія ідуць у Еўропу з Кітаю і іншых краін Усходу. Рэжым павінен стаць поўным ізгоем у палітычным, эканамічным і спартыўным плане. Гэта рэальныя дзеянні, якія прымусяць рэжым выпусціць палітвязняў. І гэта будзе першы крок дзеля вызвалення ўсяго народу Беларусі.
«Без вольнай Беларусі існаванне свабоды і дэмакратыі ў Еўропе заўжды будзе пад пагрозаю, у тым ліку расійскай агрэсіі. Таксама перамога ва Украіне не будзе мажлівай і поўнай без свабоднай Беларусі», - адзначыла былая палітзняволеная.
У сваю чаргу, Святлана Ціханоўская прысвяціла сваю прамову ролі жанчын у змаганні за дэмакратыю і свабоду, падкрэсліўшы гераізм жанчын, якія супрацьстаяць рэпрэсіям і вайне.
Крыніца: Пост Андрэя Шарэнды/ТГ Святланы Ціханоўскай
нг